старонка вулічнай выставы ў стоўбцах
100 год віцебскаму авангарду:
лакальная з'ява ў авангардзе глабальнага працэсу
Што адбылося
100 год таму?
Увосені 1918 году мастак "парыжскай школы" Марк Шагал заснаваў мастацкае вучылішча на сваёй малой радзіме ў горадзе Віцебск.

Шагал запрасіў выкладаць у вучылішча многіх прагрэсіўных мастакоў таго часу. Так пачалася гісторыя "віцебскага авангарду".
Што такое
авангард?
Гэта мастацтва канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, якое выйшла за рамкі класічнай эстэтыкі.

Авангард - гэта наватарства, эксперымент і сімвалізм мастацкіх вобразаў.

Адным з галоўных цэнтраў авангарднага мастацтва стаў горад Віцебск.
Віцебскі авангард
звязаны з дзейнасцю ў Віцебскім мастацкім вучылішчы такіх авангардыстаў як Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Марк Шагал, Давід Якерсон ды іншыя.

Многія з іх былі раней вучнямі віцебскай Школы малявання і жывапісу Юдаля Пэна.
Пра каго выстава
Героямі выставы сталі віцебскія авангардысты
Марк Шагал, Казімір Малевіч, Лазар Лісіцкі,
а таксама заснавальнік першай віцебскай
мастацкай школы Юдаль Пэн.
Юдаль Пэн
(1854-1937)
Выпускнік Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу.
У 1897 годзе адчыніў у Віцебску школу малявання і жывапісу.
Марк Шагал
(1887-1985)
Вучань Юдаля Пэна ў Віцебску. Затым вучыўся ў Пецярбургу і ў Парыжы.
У 1918 годзе заснаваў у Віцебску мастацкае вучылішча.
Казімір Малевіч
(1879-1935)
Вучыўся ў Кіеве і ў Маскве.
Пачынальнік "супрэматызму", тэарэтык беспрадметнага жывапісу. Стварыў у Віцебску авангарднае мастацкае аб'яднанне "УНОВІС".
Лазар Лісіцкі
(1890-1941)
Вучань Юдаля Пэна і
Казіміра Малевіча ў Віцебску. Вучыўся архітэктуры ў Дармштаце, Рызе і Маскве. Спрыяў выхаду супрэматызму ў архітэктуру.
"Пра Пэна я даведаўся, калі ехаў неяк на трамваі ўніз да Саборнай плошчы. Я ўбачыў надпіс, белым па сінім: "Школа жывапісу Пэна".
"Ого!, - падумаў я, - Які культурны наш Віцебск!"
М.Шагал "Маё жыццё"
Рэалістычны жывапіс
Юдаля Пэна
Пэн імкнецца дакладна перадаць на палатне
выгляд навакольнага асяроддзя.

"Вам не след ісці ў поле,
не трэба шпацыраваць па горадзе,
звяртаць увагу на людзей,
не трэба ісці ў тэатр, у царкву, у сінагогу -
усё вы маеце перад сабой,
усё стогне, плача на карцінах Пэна штохвілінна,
і ўдзень, і ўначы, у суботу і ў свята."
(М.Шагал, "Мой першы настаўнік)
"Гадзіннік як прадмет, напоўнены асаблівым сімвалічным сэнсам, іграе ў вобразнай сістэме Пэна вельмі важную ролю. Да гэтага матыву Пэн прывязаны асабліва і вяртаецца да яго заўсёды...
Час у "Гадзіншчыках" адчуваецца амаль матэрыяльна: гадзіннікі вісяць на сцяне майстэрні, раскладзеныя на стале перад рамеснікам. Аднак незваротны бег часу не ў сілах паўплываць на старога гадзіншчыка, які "распараджаецца" гэтым часам..."
Р.Казоўскі "Мастакі Віцебска"
Нерэалістычны жывапіс
Марка Шагала
Шагал, як і ўсе авангардысты, не бачыць патрэбы пераносіць на палатно дакладны выгляд знешняга свету. Для Шагала навакольнае асяроддзе - гэта проста вобразы для перадачы ўласных эмоцый і перажыванняў. Важным становіцца не знешні свет, а ўнутраны свет мастака.

"Краіна Шагал" межавала з кубізмам, футурызмам, экспрэсіянізмам, сюррэалізмам, прымітывізмам, кубафутурызмам, беспрадметнай творчасцю. Але свет мастака ніколі не вымяраўся толькі па шкале "ізмаў". Шагал верыў не ў тэорыі, а ў таленты."
(В.Ракіцін "Марк Шагал")
"...Шагал малюе працэсію, у якой персанажы рухаюцца наперад, але глядзяць назад, у мінулае. Жанчына, якая крычыць, і мужчына, які яе слухае, бык, якога вязуць на бойню, і жывёла на плячах у жанчыны, што ідзе ззаду - гэтыя вобразы акрэсліваюць агульную драматычную танальнасць работы.
Аднак на аркушы то там, то тут раскіданыя квітнеючыя расліны, кантрастныя і разам з тым згарманіяваныя фарбы мякка і радасна свецяцца, а грознаму быку супрацьпастаўленая па-дзіцячы казачная кабылка, якая нясе ў сваім улонні будучае жыццё, якое мастак са схаванага робіць яўным."
Н.Апчынская "Марк Шагал. Графіка"
Беспрадметны жывапіс
Казіміра Малевіча
Малевіч лічыў, што мастак павінен займацца "чыстай творчасцю", а не перамалёўваць навакольнае асяроддзе.

"Мастак можа быць творцам тады, калі формы яго карціны не маюць нічога супольнага з натурай. Трэба даць формам жыццё і права на індывідуальнае існаванне. Але мастак, будучы паняволеным утылітарным розумам, вядзе несвядомую барацьбу, то падпарадкоўваючыся рэчы, то нявечачы яе.
Я ж змяніўся ў нуль форм і выйшаў за нуль да творчасці, гэта значыць да Супрэматызму, да новага жывапіснага рэалізму - беспрадметнай творчасці".
(К.Малевіч "Ад кубізму і футурызму да супрэматызму")
"Кампазіцыя з Джакондай" ды іншыя работы Малевіча 1914 года робяцца прадвеснікамі будучага супрэматызму. Пройдзе зусім няшмат часу, і мастак узарве жывапісны свет "Чорным квадратам". Пакуль жа ён асцярожна практыкуецца, памяшчаючы калажы на "супрэматычны" фон і шчодра аздабляючы іх накладзенымі адна на другую аднатоннымі геаметрычнымі фігурамі...
Што ж датычыць перакрэсленай чырвоным "Моны Лізы", то тут Малевіч з дапамогай надпісу "перадаецца кватэра" прыраўняў жывапісны шэдэўр да самых звыклых рэчаў, тым самым адмаўляючы яго мастацкую каштоўнасць."

Я.Сідзельнікава
Праект зацвярджэння новага
Лазара Лісіцкага
Проун ("проект утверждения нового") - прыдуманая Лісіцкім новая мастацкая сістэма, якая злучыла ідэю геаметрычнай плоскасці з законамі канструктыўнай пабудовы аб'ёмнай формы.
Рэалізацыя ідэі "аб'ёмнага супрэматызму".

"Проун - гэта перасадачная станцыя паміж жывапісам і архітэктурай"
(Эль Лісіцкі)
"Шагал не ўмешваўся ў абмеркаванне праграм Лісіцкага. Ліс - сур'ёзны майстар.
Але хутка высветлілася, што Лісіцкі зусім не збіраўся кагосьці вучыць таму, што сам бліскуча ўмеў рабіць, - ілюстраваць кнігі.
Ён ужо быў апантаны ідэяй універсальнага мастацтва, дакладней, універсальнага прасторавага дызайну, які можна было стварыць на падставе геаметрыі ў мастацтве."
В.Ракіцін "Марк Шагал"
Віцебск
Юдаля Пэна
"Разумееце, я люблю партрэтнасць горада. Кожны горад павінен мець свой партрэт. Вось наш Віцебск адрозніваецца ад усіх гародоў сваім абліччам..."
(Ю.Пэн)
Віцебск
Марка Шагала
"Калі кіеўскія кубісты, нават малюючы канкрэтнае месца, схільныя да абагульненняў, то віцебскія мастакі прывязаныя да дакладных этнаграфічных прыкмет і дэталяў, якія ў іх творах робяцца важнымі кампазіцыйнымі і змястоўнымі элементамі.
Але нягледзячы на такое імкненне да дакументальнай дакладнасці, сам вобраз мястэчка не страчвае свайго фантастычнага характару."
(Р.Казоўскі "Мастакі Віцебска")
Віцебск
Казіміра Малевіча
У 1920 годзе Малевіч стварыў у Віцебску аб'яднанне УНОВІС ("Утвердители нового искусства").
УНОВІС спрабаваў вывесці супрэматызм у навакольнае асяроддзе, рэалізуючы ідэю Малевіча змяніць свет праз супрэматызм.

"...Але гэты горад асабліва дзіўны. Тут вуліцы пакрытыя белай фарбай па чырвонай цэгле. А па белым фоне разбегліся зялёныя кругі. Аранжавыя квадраты. Сінія прамавугольнікі. Гэта Віцебск 1920 года. Па цагляных сценах яго прайшоўся пэндзаль Малевіча. Супрэматычныя канфеці, раскіданыя па вуліцах ашаломленага горада..."
(С.Эйзенштэйн)
"Усталяваўшы пэўныя планы супрэматычнай сістэмы, далейшае развіццё ўжо архітэктурнага супрэматызму даручаю маладым архітэктарам, бо бачу эпоху новай архітэктуры толькі ў ім. Няхай жыве адзіная сістэма архітэктуры зямлі... Віцебск. 15 снежня 1920."
К.Малевіч
Супрэматычны сказ
пра два квадраты
У 1920 годзе ў Віцебску Лісіцкі "будуе" кніжку "Супрэматычны сказ пра два квадраты", якую выдае потым у Берліне. Кніжка апавядае пра тое, як супрэматызм прыйшоў на Зямлю, каб змяніць і арганізаваць увесь навакольны свет.
Лічыцца, што чорны і чырвоны квадраты -
гэта Малевіч і Лісіцкі.
Новае праектаванне
Лазара Лісіцкага
Пазней у часопісе "РЭЧ", які Лісіцкі выдаваў у Берліне на трох мовах, ён пісаў: "РЭЧ за мастацтва канструктыўнае, якое не ўпрыгожвае жыццё, але АРГАНІЗОЎВАЕ яго.
Мы назвалі наш агляд "РЭЧ", бо для нас мастацтва - СТВАРЭННЕ НОВЫХ РЭЧАЎ."
Шмат стагоддзяў прадметнае і архітэктурнае асяроддзе заставалася амаль нязменным. У архітэктуры выкарыстоўвалася адна і тая ж ордэрная сістэма, адны і тыя ж кампазіцыйныя прынцыпы. Усё стваралася паводле аналогіі з чымсьці, што ўжо існуе.

Мастакі, незалежна ад вобразна-філасофскай ідэі свайго твору, часцей за ўсё стараліся дакладна паўтарыць на палатне натуральны выгляд навакольнага асяроддзя.
У час авангарду мастакі перасталі дакладна капіяваць навакольнае асяроддзе, пакуль нарэшце зусім не адмовіліся ад яго.

Тады мастакі пачалі рабіць цалкам абстрактныя творы, без ніякіх вобразаў знешняга свету.
Навучыўшыся абстрагавацца ад навакольнага свету, мастакі навучыліся ствараць зусім новае прадметнае асяроддзе і новую архітэктуру.

Усё пачало стварацца не паводле ўзору і аналогіі, а згодна творчай волі мастака, дызайнера, архітэктара.
Выстава стаяла на плошчы перад драўляным будынкам кінатэатра ў Стоўбцах
у верасні 2018 году.

Ідэя праекта ўзнікла ў працэсе пошуку гістарычных каранёў авангарднай стылістыкі гэтага будынка.
Праект падрыхтаваны ў межах адукацыйнай праграмы ECLAB "Глабальная грамадзянскасць".

Каманда праекта:
Аляксей Зянько zienkau@gmail.com
Марыя Кліменцьева mariklimentsyeva@gmail.com
Віялета Панасевіч violetta.panasevich@gmail.com
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website